Спаленае юнацтва
Мая прабабуля, Усава Галіна Гаўрылаўна, нарадзілася ў 1932 годзе ў гарадскім пасёлку Бялынічы. У 1942 годзе ва ўзросце 10 гадоў з мамай і братам была арыштавана нямецкімі салдатамі. Разам з іншымі жыхарамі пасёлка іх пагрузілі ў грузавыя машыны і завезлі ў Магілёў. З Магілёва ў таварных вагонах адправілі ў Польшчу. Па дарозе праз невялікую шчыліну таварнага вагона яна бачыла разбітую ваенную тэхніку, разбураныя гарады.
Прывезлі іх у канцлагер недалёка ад горада Вроцлава. У лагеры было страшна: спалі на саломе, кармілі адзін-два разы на дзень маленькім кавалачкам хлеба. Ёй да гэтага часу ўспамінаецца голад. Вакол панавалі страх, слёзы, смерць.
Пасля вызвалення з лагера ішлі пешшу да мяжы Польшчы з Беларуссю, там на таварных вагонах іх адправілі на радзіму.
Прайшло шмат гадоў, але кожны раз, успамінаючы час праведзены ў канцлагеры, прабабуля плача і адначасова радуецца, што яе дзеці, унукі і праўнукі жывуць у свабоднай краіне.
Хіль Ганна, ПД-12 1 курс ФІСЭ