Дарогамі вайны

“Пра родных людзей заўсёды расказваць цяжка”, – пачынае аповед Зоя Міхайлаўна Заіка, дацэнт кафедры беларускай і рускай моў. “Мой бацька прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны ад Масквы да Кенігсберга, кавалер трох ордэнаў і многіх медалёў, ветэран вайны. Быў камандзірам мінамётчыкаў, тройчы паранены, але ж  пасля кожнага свайго ранення вяртаўся ў строй.

Ордэна Айчыннай вайны другой ступені ўдастоены за баі пад горадам Духаўшчына, што на Смаленшчыне. За баявыя дзеянні пры фарсіраванні Нёмана яго грудзі ўпрыгожыліся ордэнам Чырвонай зоркі, а за разгром немцаў ва Усходняй Прусіі – другім ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1939 годзе Міхаіл Дзмітрыевіч Хальзаў падчас службы ў радах Савецкай Арміі быў накіраваны камандаваннем на вучобу ў Маскоўскае ваеннае вучылішча імя Леніна. Пасля скарочанага курса навучання малады лейтэнант накіраваны на фронт, дзе ўсе чатыры гады быў камандзірам мінамётчыкаў. Успаміны пра вайну захаваліся ў лістах з фронта. “... Займаўся рассвет. Калоны варожых самаходак, разам з іншымі родамі войс, рваліся да ракі Вілейкі. Гітлераўцы спяшаліся, бо ведалі, што іх сапёры падрыхтавалі адзінае месца для пераправы.

Да гэтай баявой аперацыі нашы падраздзяленні добра падрыхтаваліся. З абодвух флангаў да пераправы яны падышлі ўшчыльную. А неўзабаве пачаўся бой. Немцы імкнуліся як мага хутчэй фарсіраваць раку, бо інакш – смерці не мінаваць.

Так яно і было. У гэтым баі на літоўскай зямлі знайшлі сабе магілу сотні гітлераўцаў. Шмат было знішчана ваеннай тэхнікі, захоплена палонных”. Гэта толькі адзін з многіх эпізодаў баявых дзеянняў, у якіх бацька прымаў удзел”.

 

Заіка Зоя Міхайлаўна, дацэнт кафедры беларускай і рускай моў