Шталаг № 316
Мой прадзядуля, Чвярток Аляксандр Аляксндравіч, які жыў у вёсцы Альшымава Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, ваяваў на фронце – быў сяржантам. Ён лічыўся ў кавалерыйскім палку, у яго быў конь, разам з якім майго прадзеда ўзялі ў палон фашысты і адправілі ў лагер – шталаг № 316.
У пачатку лютага 1942 года ў Ваўкавыску ў гэтым лагеры знаходзiлася 5414 савецкіх ваеннапалонных, а праз два месяцы iх засталося толькi 2087 чалавек. Да 1-га ліпеня 1942 гада ў шталагу налічвалася 849 палонных, што стала падставай для ліквідацыі лагера. На жаль, спісаў ваеннапалонных шталагу № 316 у дакументах не засталося. Але стала дакладна вядома, што 316-ты шталаг знаходзіўся ў Ваўкавыску са студзеня па ліпень 1942 года.
У лагеры, па ўспамінах майго прадзеда, ён прайшоў літаральна праз агонь, ваду і медныя трубы, пасля ліпеня 1942 года ваеннапалонных, якія яшчэ заставаліся жывымі, сталi перавозіць у Польшчу на прымусовую працу, i падчас гэтага дзеяння Аляксандру Аляксандравічу ўдалося збегчы. Тады ён пешшу праз некалькі тыдняў вярнуўся ў родную вёску, доўга хаваўся ад немцаў. Дамоў прыйшоў увесь схуднелы, яго нельга было нават пазнаць.
На шчасце, гэта сумная гісторыя майго продка закончылася добра. Але засталося шмат сем’яў, у якія так і не вярнуліся бацькі, браты і сёстры, сыны і дачкі. І каб гэта ахвяра жыцця не стала бессэнсоўнай, трэба захоўваць памяць пра іх подзвігі праз пакаленні і не дазваляць нікому і ніколі перапісваць гісторыю нашага народа, нашай Перамогі.
Маслаў Кірыл, гр. ПД-12 ФІСЭ