Першая кніга, выдадзеная на тэрыторыі Заходняй Беларусі

Нягледзячы на тое, што на тытульніку не пазначана прозвішча рускага паэта, перакладчыка А.Т. Твардоўскага, дакладна вядома, што, дзякуючы намаганням рускага паэта, кніга ўбачыла свет і была выдадзена ў кароткі тэрмін: 17 верасня Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу, 30 верасня зборнік здадзены ў набор, 2 кастрычніка – падпісаны да друку, 10 кастрычніка – чытач меў магчымасць пазнаёміцца з рэцэнзіяй П. Лідава на «Фронтовые стихи» ў газеце «Правда». Кніга мела 32 старонкі, тыраж яе невядомы. Карманны фармат выдання дазволіў зацікаўленаму чытачу не расставацца з кнігай і звяртацца да яе старонак кожны раз, калі ўзнікала духоўная патрэба.

Падчас гутаркі пра выданне кнігі «Фронтовые стихи», якую правяла загадчык кафедры беларускай і рускай моў Борсук Н.М., студэнты другога курса факультэта інжынерных сістэм і экалогіі (гр. М-152, М-153, В-110) мелі магчымасць пазнаёміцца з яе зместам. Найбольшую цікавасць у маладых людзей выклікалі вершы А. Твардоўскага, пераклады прыпевак дзяўчат з Івацэвіччыны. Зразумела, што сучасную моладзь не правабліваюць  рэвалюцыйны пафас, заклікавыя інтанацыі. Але важна, што студэнты зразумелі гістарычную каштоўнасць гэтай кнігі, адчулі, якое важнае значэнне мела гэтае выданне для кожнага жыхара Берасцейшчыны. Кніга «Фронтовые стихи» дапамагла нашым продкам, калі выказацца паэтычна, “адчуць сілу ўласных крылаў”, за што мы вельмі ўдзячны рускім паэтам, у першую чаргу, Аляксандру Твардоўскаму.

Студэнты былі прыемна здзіўлены, што Аляксандр Трыфанавіч меў беларускія карані. На Палессі нарадзіўся яго дзед. Пасля службы ў арміі перасяліўся на Смаленшчыну. Бацька ажаніўся на беларусцы.

У выніку ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі перад  насельніцтвам нашага краю адкрыліся новыя перспектывы: павялічылася тэрыторыя Беларусі з 125 тыс. кв. км да 225 тыс., колькасць жыхароў – з 5 млн. да 10 млн., спыніўся працэс асіміляцыі беларускай нацыі (у 1937 годзе ў гімназіях на Палессі навучалася 1925 чалавек, з іх толькі 16 беларусаў, ва ўсёй Польшчы ў 1935 годзе налічвалася каля 200 студэнтаў-беларусаў – прыкладна 1%, а інтэлігенцыі − у 30-ыя гады ў Палескім ваяводстве (прыкладна сучасная Брэсцкая вобласць) каля 3%). Гэтыя факты студэнты не проста праслухалі, яны прапусцілі іх праз сэрца. Упэўнена, што праведзеная гутарка  мае важнае значэнне для выхавання ў нашай моладзі пачуцця патрыятызму, годнасці за свой край. 

 

Кафедра беларускай і рускай моў